ВЯЛІ́КІ КАНЬЁН

(Grand Canyon),

Вялікі Каньён Каларада, каньён у ЗША (штат Арызона), на плато Каларада. Выпрацаваны р. Каларада ў тоўшчы вапнякоў, пясчанікаў і сланцаў у выніку рачной эрозіі. Даўж. каля 350 км, глыб. да 1800 м (адзін з найглыбейшых у свеце), шыр. 8—25 км на ўзроўні паверхні плато (на выш. 2100—2500 м) і менш за 1 км (на асобных участках да 120 м) каля ўрэзу вады. Характэрны своеасаблівыя формы схілаў (калоны, піраміды, бастыёны), грандыёзныя агаленні горных парод. Нац. парк Гранд-Каньён (з 1919); уключаны ЮНЕСКА у спіс Сусветнай спадчыны. Турызм.

т. 4, с. 384

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)